ІРЛА́НДСКАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ АРМІЯ (англ. Irish Republican Army; ІРА),
падпольнае ваенізаванае фарміраванне ў ірландскім нац.-вызв. руху, якое існуе з 1919. Засн. членамі партыі Шын фейн пад кіраўніцтвам М.Колінза на базе арг-цыі ірл. валанцёраў. У 1919—21 вяла ўзбр. барацьбу (тэрор, дыверсіі) супраць англ. войск і паліцыі. Пасля заключэння англа-ірландскага дагавора 1921 частка ІРА склала аснову рэгулярнай арміі Ірл. Свабоднай дзяржавы, незадаволенасць другой ч. ІРА кампрамісным характарам дагавора прывяла да грамадз. вайны 1922—23. Пасля 1923 невял. група (у 1936 афіцыйна забаронена), якая праводзіла акцыі тэрору і сабатажу, асабліва ў пач. 2-й сусв. вайны (падтрымлівалася Германіяй) і ў 1956—62. Пасля ўспышкі рэліг.-сац. хваляванняў у Паўн. Ірландыі (1968—69) кола прыхільнікаў ІРА павялічылася, але яна раскалолася на 2 крылы — афіцыйнае (сацыяліст. кірунку), якое ў 1972 абвясціла пра адмову ад гвалтоўных метадаў у барацьбе за аб’яднанне Ірландыі, і часовае (крайне радыкальнае), што робіць стаўку на тэрор супраць англічан і ірландцаў-пратэстантаў (да 1993 загінула 3030 чал.). Падтрымліваецца (грашамі і зброяй) прыхільнікамі ў Ірландыі і ЗША (эмігранты-ірландцы), урадам Лівіі (выкрыта падтрымка ў 1985—87). Ядро ІРА складаюць 500 чал. У 1994 часовая ІРА абвясціла аб прыпыненні ўзбр. барацьбы. Вядомыя кіраўнікі — Дж.Адамс, М.Макгінес. У паўн.-ірл. гарадах Белфаст і Лондандэры дзейнічае і Армія нац. вызвалення Ірландыі (каля 20 чал.) — баявая арг-цыя Ірл. сацыяліст. партыі, створаная б. членамі афіцыйнай ІРА.
Літ.:
Бабусенко С. Армия, которая воюет со всем Соединенным королевством // Новое время. 1992. № 13.
т. 7, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)